Нам 5 гадоў!

У верасьні 2018 году пасьля кароткага роздуму мы вырашылі, што найлепшы спосаб, каб кніга выйшла так як хочаш, тады калі хочаш і там дзе хочаш — выдаць яе самім. Так яно ўсё і пачалося. Нядаўна выйшла наша 18-я кніга. (Адной зь іх тут няма, бо яна — электронны варыянт адной з папяровых.)

Новы працоўны сэзон пачынаем выхадам дзьвюх новых кніг — пра іх вы неўзабаве пачуеце.

І — да пабачэньня на нашых сустрэчах і прэзэнтацыях:

• 14 верасьня ў Лёндане
• 17 верасьня ў Варшаве
• 23 верасьня ў Гданьску
• 14 кастрычніка ў Вільні

Кульбак у Ізраілі

На мінулым тыдні наш Кульбак прыехаў у Ізраіль. У панядзелак 23 траўня ў Літоўскай амбасадзе ў Ізраілі адбылося ўрачыстае ўручэньне «Ўсіх вершаў і паэмаў» Мойшэ Кульбака ягонай дачцэ Раі, якая жыве ў Тэль-Авіве. На сустрэчы сабраліся некалькі пакаленьняў нашчадкаў паэта, якія цяпер жывуць у Ізраілі. За цёплы прыём асобная падзяка належыцца амбасадарцы Ліне Антанавічэне і дарадніку амбасады Лаймісу Рубінскасу.

У аўторак 24 траўня прайшла прэзэнтацыя Кульбакавых кніг у тэль-авіўскай кнігарні «Бабель». На сустрэчу прыйшлі мясцовыя ідышысты, аматары літаратуры, выхадцы зь Беларусі, а таксама госьці зь Менску. Укладальнік выданьня і перакладчык Сяргей Шупа расказаў пра жыцьцёвы шлях паэта, прачытаў некалькі вершаў у арыгінале і ў перакладзе, адказаў на пытаньні залі. Зноў жа, падзяка за гасьціннасьць — гаспадару кнігарні Яўгену Когану.

Дзьве прэзэнтацыі ў «Божай пляшцы»


Mojše Kulbak. Ale lider un poemen. «Вясна», Прага, 2022
Мойшэ Кульбак. Усе вершы і паэмы. «Вясна», Прага, 2022
Юля Цімафеева. Воўчыя ягады. «Вясна», Прага, 2022
Альгерд Бахарэвіч. Вершы. «Вясна», Прага, 2022

У чацьвер, 12 траўня, у вельмі ўтульнай і атмасфэрнай праскай кнігарні-кавярні-вінатэцы «Božská lahvice» адбыліся адна за адной дзьве прэзэнтацыі нашых новых кніг.

Спачатку быў Кульбак. Выданьне поўнага збору паэзіі Мойшэ Кульбака ў арыгінале з паралельным беларускім перакладам прадставіў укладальнік Сяргей Шупа. Ён расказаў таксама пра традыцыі ідышу ў Беларусі і пра магчымасьці сымбалічнага вяртаньня гэтай мовы ў беларускую культірную прастору. Выкладчык ідышу Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе Пэтр Ян Вінс расказаў пра гісторыю ідышу ў Празе. Як выявілася, сёньняшняя кніга «Ale lider un poemen» — першая кніга на ідышы, якая выйшла ў Празе пасьля 1744 году! Спадар Вінс прачытаў таксама некалькі вершаў Кульбака ў сваім перакладзе на чэскую мову. Сваімі ўражаньнямі пра творчасьць Кульбака і развагамі на актуальныя тэмы падзяліўся госьць прэзэнтацыі Альгерд Бахарэвіч. На прэзэнтацыі гучалі вершы Кульбака ў арыгінале, іх чытала рэдактарка кнігі Ася Фруман (адзін зь іх быў выкананы як песьня), свае пераклады агучваў Сяргей Шупа. Выступіла на прэзэнтацыі і дырэктарка выдавецтва Весна Вашко, яна ня толькі адкрыла імпрэзу, але і засьпявала некалькі сваіх песень на словы Кульбака.

Увечары таго самага дня перад слухачамі — пераважна праскімі беларусамі — выступілі аўтары новых паэтычных зборнікаў выдавецтва «Вясна» Юля Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч, якія прыехалі на прэзэнтацыю з аўстрыйскага Грацу, дзе яны жывуць з восень 2020 году. Яны выступалі сольна, дуэтам, расказвалі, спрачаліся, успаміналі і, вядома ж, чыталі свае вершы. Пасьля чытаньня адбылася жывая размова са слухачамі-чытачамі, падчас якой закраналіся пытаньні беларускай кніжнай справы на эміграцыі.

Фота: Юля Цімафеева, Ганна Соўсь